Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Музейны ўрок “Лаўскі бой. Подзвіг васямнаццаці…”

Дата: 22 марта 2022 в 12:04, Обновлено 22 марта 2022 в 12:04
Автор: Ровная С. Н.

ДУА “Нёманская сярэдняя школа імя І.Д. Гурскага”

Уздзенскага раёна

Музейны ўрок

“Лаўскі бой. Подзвіг васямнаццаці…”

  Падрыхтавала

                                   Кушнер А.А., настаўнік гісторыі,

                             І  кваліфікацыйная катэгорыя,

                                                   кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання

аг. Магільна

Музейны ўрок “Лаўскі бой. Подзвіг васямнаццаці…”

Мэта: ушанаванне памяці герояў Лаўскага бою, фарміраванне
ў вучняў патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага свайго краю.

Абсталяванне: прэзентацыя “Лаўскі бой. Подзвіг васямнаццаці…”, відэафільм “Героі Лаўскага бою”, мазаіка фармата А4 з выявай карціны Міхаіла Савіцкага «Лаўскі бой». 1950 г., раздатачны матэрыял, лісты фармата А4, алоўкі рознакаляровыя.

Ход мерапрыемства

Настаўнік: Мінулае... Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэта мінулае – вайна. Нават калі ты сам не перажыў яе,
а ведаеш з успамінаў родных, ветэранаў вайны і кінафільмаў. Памяць вайны... Гэты боль перажытага народам за доўгія 1418 дзён. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць.

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта не проста гісторыя чарговага ўзброенага канфлікту. Гэта цэлая эпоха, напоўненая радасцю перамог і гаркатой паражэнняў. Гэта мужнасць і самаахвярнасць народа, масавы нераізм і стойкасць на фронце і ў тыле ворага. (Гучыць песня “Священная война”, муз. А. Аляксандрава, сл. В. Лебедзева-Кумача).

Настаўнік: Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года і працягнулася да 9 мая 1945 года. Па ўсёй нашай краіне стаяць помнікі і абеліскі, як напамін жывым пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Шмат іх і на тэрыторыі нашага сельсавета.

  1. Ці вядомы Вам такія помнікі ў нашых вёсках? Дзе яны знаходзяцца? Ці клапоціцеся вы аб іх? (у в. Магільна, Касцяшы, Яршы, Язвіны, Стальбоўшчына, Прусінава).

Вучні чытаюць успаміны пра вайну жыхароў вёсак Магільна
і Касцяшы.

Вучань 1: Кароль В.С, 1935 года нараджэння, жыхарка
в. Магільна. Вайну я памятаю вельмі слаба. Была малою дзяўчынкаю. Мае бацькі вельмі спалохаліся, калі даведаліся, што пачалася вайна. Яны ні за што так не баяліся, як за нас, за дзяцей. Таму рашылі нас схаваць ад немцаў. Выкапалі зямлянку ў лесе, у 3 норце, ва ўрочышчы “Сежа” каля канаўкі, завезлі нас туды. Там была “буржуйка”, лаўкі, стол. Калі пачыналася бамбежка, бацькі  разам з намі беглі ў гэтыя зямлянкі. Нас там пакідалі. Хлеба давалі. Дзеці з некалькіх сем’яў. (Дзесюкевіча Д.М., Барысевіча У.М.) былі ўсе разам, летам было цёпла, мы гулялі, збіралі грыбы. Зімой, калі было холадна, палілі “буржуйку”. Было цёмна і страшна. Бацькі прыходзілі нанач, прыносілі яду. Яны ратавалі нас ад немцаў, ад смерці. Яшчэ памятаю, як палілі немцы мост праз раку Неман. Вакол агонь, страляніна, плач. А я малая, дурная была, уцякла з дому паглядзець, стаяла і пазірала, нічога не разумела. Добра, што Маруся Раманава, суседская дзяўчына, яна была старэйшая за мяне на 3 гады, убачыла меня і пацягнула дадому. Я яшчэ і ўпіралася, плакала, не хацела ісці за ёю. А яна мяне ўратавала ад смерці, дзякуй ёй. Маглі б застрэліць. Многа тады людзей загінула, і малых, і старых… Гора было людзям…

Вучань 2: Бондар Марыя Паўлаўна 1939 г. н. , в. Касцяшы. Хачу ўспомніць пра свайго бацьку Труса Паўла Васільевіча, які загінуў у час вайны. Па расказу маёй маці, мой бацька дапамагаў партызанам. Ён
і яго суседзі начамі вазілі харчаванне для партызан. Аднойчы немцы выследзілі абоз, які накіроўваўся ў лес па дарозе праз балота. Дарогу мясцовыя жыхары ведалі. Немцы з сабакамі даганялі абоз. І людзі рашылі з’ехаць на сцяжынку ў балоце, каб завесці немцаў у балота. Яно так і атрымалася: немцы пачалі тануць у балоце. Але абознікі таксама збіліся са сцяжынкі. Коні загразлі, вазы апускаліся ў багну. Людзі спрабавалі іх выцягнуць, але самі пачалі правальвацца ў балота. Была зіма. Амаль усе загінулі, а мой тата выбраўся, але цяжка захварэў
і хутка памёр. Яму было ўсяго 44 гады. Мама гадавала нас адна. Цяжка ёй было, але ж вырасціла нас.

Настаўнік: Вось так успамінаюць вайну нашы землякі.

  1. Што ўразіла вас ва ўспамінах?
  2. З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся мясцовыя жыхары?

5-ы чытальнік: (чытае верш Маёй прабабулі – падпольшчыцы”, які быў напісаны выпускніцай школы Дзесюкевіч Дар’яй)

Маёй прабабулі - падпольшчыцы

Я сваёй бабуляй ганаруся,

Яна падпольшчыцай была,

За  шчасце роднай Беларусі

Змаганне з немцамі вяла.

Смелая і бясстрашная заўсёды

У бой з сяброўкамі ішла,

Мужная дачка свайго народа

Перамогу набліжала, як магла.

Яна не баялася смерці,

Сустракала ворага свінцом,

З дзяцінства ведала – са славаю памерці

Лепш, чым жыць пад варожым ярмом.

Я слаўлю мілую бабулю,

Яе вельмі я люблю, 

Яна смела ішла пад кулі,

Змагалася за родную зямлю.

Настаўнік: Акупіраваная фашыстамі Беларусь стала краінай, дзе разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Супраць захопнікаў змагаліся больш за 374 тысячы партызан, больш як 70 тысяч удзельнікаў налічвала антыфашысцкае падполле. Першы партызанскі бой Другой сусветнай вайны правёў 28 чэрвеня 1941 года ў наваколлі Пінска атрад легендарнага камандзіра Васіля Каржа. Першымі партызанамі-героямі СССР у 1941 годзе сталі беларусы Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.

Работа з тэкстам. Вучні дзеляцца па групах 5-6 чалавек. Кожная група чытае прапанаваны тэкст і выконвае заданні, прапанаваныя настаўнікам.

Тэкст №1… Гітлераўцаў даўно непакоілі партызаны, якія размяшчаліся ў лясах Капыльшчыны. Баі партызан з фашыстамі 9 мая ва ўрочышчы Гнілуха, 20 ліпеня ў Вялікараёўскім лесе і 7 лістапада
ў Старыцкім лесе, падрыў чыгуначных эшалонаў паказаў акупантам, што партызанскі рух – гэта грозная сіла народа. Пасля Старыцкага бою брыгада імя Варашылава перайшла ў Лаўскі лес, тут і размясціліся партызанскі шпіталь і лагер. Фашысты планавалі знішчыць партызан
у Лаўскім лесе. Для гэтага немцы сцягнулі ўсю паліцыю з блізляжачых гарнізонаў Капыля, Нясвіжа, Узды і цэлы полк рэгулярных нямецкіх войск
з бронемашынамі і мінамётамі. Усяго налічвалася каля 7 тысяч чалавек. У брыгадзе імя Варашылава было 9 партызанскіх атрадаў, прыкладна
па 300 чалавек у атрадзе. Партызанская разведка даведалася аб планах фашыстаў. Камандзір  брыгады П. Капуста з камандзірамі атрадаў распрацавалі план затрымкі  немцаў і арганізацыі эвакуацыі шпіталя
і лагера далей у лясы Уздзеншчыны.

Прачытайце тэкст №1 і і адкажыце на пытанні: Што размяшчалася ў Лаўскім лесе? Колькі налічвалася немцаў
і чырвонаармейцаў перад боем?  Які план распрацавалі камандзір  брыгады П.Капуста з камандзірамі атрадаў?

Тэкст №2. Раніцай 3 снежня 1942 года немцы пачалі наступленне
з вёсак Касцяшы, Пясочнае, Восава, Лоцвіны, Цялядавічы. Па загадзе камбрыга П. Капусты атрады занялі  кругавую абарону па краях лесу. Атрад імя Катоўскага (камандзір В. Яроменка) заняў абарону ў вёсцы Лавы. Яроменка адбірае самых смелых, гатовых змагацца да самага канца  ў  засаду на  могілкі каля в. Клецішча. Камандзірам гэтай групы ён назначае Вікенція Драздовіча. Задача групы — затрымаць  фашыстаў, якія рваліся з Цялядавіч і Лоцвін да Лаўскага лесу. Група
з 19 чалавек залегла на могілках. Фашысты пакінулі машыны
ў Цялядавічах і пайшлі ланцужком у напрамку Лаў і могілак. Камандзір партызанскай засады Вікенцій Драздовіч загадаў падпусціць
іх на блізкую адлегласць і падаў каманду «Агонь!». Пачаўся жорсткі, смяротны бой. Фашысты не  чакалі тут засады і адступілі, пакідаючы
на полі дзясяткі забітых. Варожая мінамётная артылерыя адкрыла ўраганны агонь па могілках. Карнікі пачалі з двух бакоў абыходзіць могілкі, на якіх вяла бой група смельчакоў. Батарэя атрада імя Катоўскага адкрыла агонь па мінамётнай батарэі немцаў, тым самым яна адцягнула на сябе артылерыю ворага. А на могілках працягваўся жорсткі бой. Атакі немцаў паўтараліся. Замаўчаў адзін з партызанскіх кулямётаў, заканчваліся патроны, палавіны смельчакоў-партызан ужо
не было ў жывых. В. І. Драздовіч пасылае ў атрад данясенне
з партызанам I. Жыгалковічам. Як успамінае камандзір В. Яроменка, атрад не мог выйсці на выручку партызанскай засадзе па чыстым полі, немцы  напіралі з усіх бакоў. Засадзе быў дадзены сігнал адыходзіць, але ўжо было позна. Немцы акружылі могілкі, але адважныя партызаны біліся да апошняга патрона, а пасля зарылі ў снег кулямёт з запіскай
у ствале «Не здаёмся, паміраем за Радзіму. Лічыце нас усіх камуністамі і камсамольцамі», і з гранатамі кінуліся ў рукапашную, дзе і загінулі
ў няроўным баі геройскай смерцю, але і каля сотні фашыстаў загінулі
ад куль герояў.

3 наступленнем цемры камбрыг даў каманду пакінуць Лаўскі лес.

Прачытайце тэкст №2 і адкажыце на пытанні: Калі пачаўся бой
і чаму атрымаў такую назву? Хто кіраваў бітвай? Чым скончылася бітва?

Тэкст №3 Пакінулі і загінуўшых герояў на могілках каля вёскі Клецішча. Іх было 18. Большасць з іх — жыхары Капыльскага
і Уздзенскага раёнаў. Вось іх імёны: Драздовіч Вікенцій — в. Навасёлкі Бабаўнянскага сельсавета; Тартычны Мікалай — лётчык з Украіны; Шытыка Канстанцін  —  в. Касцяшы Уздзенскага раёна; Кароль Аляксей — в. Пясочнае; Астрэйка Васіль — в. Пясочнае; Нікановіч Рыгор — в. Пясочнае; Цітко Дзмітрый — в. Касцяшы; Лыч Павел —
в. Касцяшы; Дзесюкевіч Міхаіл — в. Магільна Уздзенскага раёна; Туміловіч Іван — в. Магільна; Петрашэўскі Эдуард — в. Магільнае; Клімовіч Франц — в. Магільна; Якімовіч Мікалай — в. Магільна; Качаноўскі Уладзімір — в. Слабада-Кучынка; Ясючэня Аляксандр —
в. Магільна; Ждановіч Аляксандр — г. п. Капыль; Хартановіч Аляксандр — г. п. Капыль;  Сіневіч Мікалай — в. Быстрыца. Мясцовае насельніцтва пахавала герояў-партызан на месцы іх апошняга бою,
на ўскрайку могілак. У 1957 годзе астанкі загінуўшых партызан засады перазахавалі і паставілі часовы помнік з надпісам «Здесь похоронены партизаны — герои Лавского боя». У 1960 годзе была ўстаноўлена скульптура савецкага воіна і высечаны на помніку імёны 18 герояў-партызан, якія аддалі сваё жыццё ў імя Вялікай Перамогі. Старэйшаму было 32 гады, малодшаму — 16.

Прачытайце тэкст №3 і выканайце заданні: Колькі загінула герояў-партызан? Знайдзіце тых, хто быў з вёсак Уздзенскага раёна. Адзначце іх у тэксце. Дзе былі пахаваны героі партызаны?

Вучань выступае з паведамленнем “Партызанскія зямлянкі”. 

Лаўскі лес быў надзейным сховішчам для партызан брыгады імя Варашылава. Яны размясціліся каля вёсак Калюга, Лавы, Язвіны, Явішчы, Руднікі. У в. Лавы знаходзіўся брыгадны шпіталь. За кароткі час партызаны зрабілі жыллё, прывялі сябе ў парадак пасля цяжкіх баёў і пераходаў, наладзілі сувязь з мясцовым насельніцтвам. Партызанскі лагер ўяўляў сабой цэлы гарадок адносна добраўпарадкаваных зямлянак, планіроўка і размяшчэнне якіх вызначаліся іх прызначэннем. Як правіла, у цэнтры лагера размяшчаліся штабная зямлянка і зямлянка медчасткі. Іх акружалі жылыя зямлянкі, дзе па аддзяленнях размяшчаліся байцы. Партызаны імкнуліся па магчымасці добраўпарадкаваць свой побыт. Лагеры вялікіх атрадаў і брыгад мелі развітыя гаспадарчыя службы: сталярная, шавецкая, слясарная
і швейная майстэрні, стайні, лазні. Спецыяльныя пляцоўкі адводзіліся для пабудоў, вядзення баявой і палітычнай вучобы. Падыходы
да лагера, як правіла, мініраваліся. Мінныя загароды мелі абарончую
і сігнальную функцыі, так як выбухі папярэджвалі пра набліжэнне ворага. У той жа час яны рэзка абмяжоўвалі манеўранасць карнікаў. Ахову лагера ажыццяўлялі вартавыя, дазоры і вылучаныя на некалькі кіламетраў ад лагера сакрэты. Зямлянка была выкапана ў зямлі
і асноўнымі матэрыяламі для яе збудавання з'яўляюцца грунт і круглы лес. Іх заглыблялі у зямлю поўнасцю або часткова, што палягчала працэс збудавання. Каб разведка ворага не знайшла партызанскія лагеры з паветра, зямлянкі старанна і ўмела маскіравалі.

1. Чаму гэты будынак называецца зямлянкай? Хто іх будаваў?

2. Якое значэнне мелі гэтыя збудаванні?

Творчае заданне

Распрацаваць праект месца памяці воінам Лаўскага бою ў вёсцы Магільна (помнік, абеліск, манумент, мемарыяльны комплекс).

  • Намаляваць эскіз
  • Прыдумаць назву
  • Скласці невялікі надпіс на помніку
  • Выбраць месца для размяшчэння помніка

Настаўнік: На беларускай зямлі былі разрабаваны і разбураны 209 з 270 гарадоў. Фашысты правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый, поўнасцю або часткова знішчыўшы 5454 вёскі.

Сумна вядомым сімвалам бязлітаснай расправы стала спаленая разам
з людзьмі Хатынь, лёс якой падзялілі яшчэ сотні вёсак краіны (вёска Астравок Уздзенскага раёна). На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш як 260 лагераў смерці і месц масавага знішчэння людзей.  Паводле няпоўных даных, у лагерах на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі амаль 1,5 мільёна чалавек – не толькі мясцовых жыхароў, але
і вывезеных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі…

Падвядзенне вынікаў

Вучні ў групах складаюць сінквейн “Лаўскі бой” і абмяркоўваюць складзенае.

Сінквейн “Лаўскі бой”

1. Лаўскі бой

2. Партызанскі, жорсткі

3. Ваяваць, абараняць, гінуць

4. Адбыўся 3 снежня 1942 года.

5. Гераічная бітва

Вучні адказваюць на пытанні: З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся жыхары вёскі Магільна ў часы вайны? Як звязана вёска Магільна і Лаўскі бой? Ці згодны вы з думкай, што землякоў, якія ўдзельнічалі ў Лаўскім боі называюць героямі? Чаму?

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.